Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Анатолий Клышко

АНАТОЛЬ КЛЫШКА – СЛАВУТЫ ЎРАДЖЭНЕЦ БАРАНАВІЦКАГА РАЁНА

Сярод сузор’я знакамітых людзей (паэтаў і пісьменнікаў) Баранавіцкага края ярка з’зяе зорка літаратурнага дзеяча, нашага славутага земляка і майго аднавяскоўца Анатоля Клышкі.

Вузкая вуліца Цэнтральная са старымі драўлянымі дамамі вёскі Данейкі. Знаёмае месца: агароджа, за якой расце бэз, далей – старая хата, якая вокнамі глядзіць на вуліцу, быццам падміргвае, запрашае нас на экскурсію на радзіму Анатоля Клышкі – аўтара беларускага Буквара – у вёску Данейкі.

Дом, у якім нарадзіўся і жыў Анатоль Клышка, захаваўся да нашага часу. На яго даху ўладкавалі сваю буслянку буслы – новыя гаспадары старой вясковай хаты. Сад, які сваімі рукамі пасадзіў Анатоль Канстанцінавіч, радуе вока з ранняй вясны да позняй восені. І не сціхаюць ў ім ціньканне сініцы ўзімку і меладычныя песні салаўёў, якія аблюбавалі гэты сад і прылятаюць сюды, у свой родны куточак.

Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 года ў вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Беларускі савецкі празаік, журналіст, крытык, перакладчык, педагог. Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь (1994). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1960). Аўтар беларускага буквара (1969, 40 выданняў). Брат беларускага філолага М.К. Клышкі.

Яго старэйшы брат Міхась Клышка (1925-1984) быў таксама беларускім мовазнаўцам. Аўтар першага ў беларускай лексікаграфіі “Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў” (1976).

Бацькі яго, малазямельныя сяляне, былі майстрамі на ўсе рукі. Бацька цяслярыў, сталярыў, шклярыў, маці абшывала ўсю вёску. Яна ведала шмат песень: беларускіх, рускіх, польскіх. Пазней

А. Клышка запісаў ад маці звыш двухсот беларускіх народных песень. У школе беражліва захоўваецца зборнік “Беларуская народная творчасць”, дзе Анатоль Клышка зрабіў свой запіс “… дару гэты зборнік, дзе ёсць і артыкул маёй мамы “Вяселле ў Данейках…”

Яркі ўспамін дзяцінства пісьменніка – Буквар. Ён быў адзін на ўвесь клас. З якой пашанай ставіліся да яго дзеці! Кожны дзень настаўнік даваў яго наступнаму вучню. І Анатоль з заміраннем сэрца чакаў сваёй чаргі, каб прынесці Буквар дадому і мець магчымасць гартаць і чытаць яго.

Пасля Данейкаўскай школы было Навагрудскае педагагічнае вучылішча, Беларускі Дзяржаўны універсітэт, аспірантура. У 1950 годзе ў навагрудскай газеце Анатоль Клышка апублікаваў першы верш.

Прыехаўшы ў Мінск паступаць ва ўніверсітэт, Анатоль зайшоў у “Чырвоную змену”, каб прапанаваць свой верш. Загадчыка аддзела не было, і яму сказалі прыйсці заўтра. Якім ж было яго здзіўленне, калі, прыйшоўшы, ён убачыў свой верш у свежым нумары газеты! Гэты выпадак забяспечыў яму трывалы аўтарытэт у рэдакцыі, і яго прызначылі караўніком аб’яднання творчай моладзі. Тут  рабілі свае першыя крокі пачаткоўцы Кастусь Цвірка, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін…

З 1953 года Анатоль Клышка выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. У 1967 годзе выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў “Права на верш”. Даследаваў праблемы развіцця беларускай паэзіі, вершаскладання, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Любіў Анатоль Клышка лекцыі па антычнай літаратуры. Адсюль бярэ пачатак яго цікавасць да Гамера, Эсхіла, Марцыяла, пераклады якіх час ад часу выходзяць з-пад яго пяра. У серыі “Скарбы сусветнай літаратуры” выйшаў раман Лонга “Пастушыная аповесць пра Дафніса і Хлою” ў перакладзе Клышкі. Ім зроблены пераклад са старагрэчаскай мовы Новага Запавета. Перакладае з польскай, лацінскай, нямецкай, украінскай і іншых моў.

Самавучыцель “Чытаем і гаворым па-беларуску”, “Беларуска-польскі размоўнік”, дзіцячыя кніжкі “У лясах Белавежы”, “Самая лепшая хатка”, “Вярэнька загадак”, мастацкі нарыс “Францыск Скарына”… І ўсё ж, калі спытаеш: “Хто такі Анатоль Клышка?” – хутчэй за ўсё пачуеш у адказ: “Аўтар Буквара”.

Над  “Букваром” Анатоль Клышка пачаў працаваць у 1968 годзе, у 1969 “Буквар” выйшаў. На ВДНГ СССР Буквар атрымаў сярэбраны медаль, на Лейпцыгскай Міжнароднай кніжнай выстаўцы – залаты.  На абмеркаванні Буквара ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі Янка Брыль сказаў: “Я хацеў бы вярнуцца ў маленства, каб вучыцца па гэтакім Буквары”  [2, с. 18].

Анатоль Клышка праявіў сябе як паэт, пісьменнік, перакладчык, вучоны, настаўнік. Але самая асноўная і галоўная яго праца ў жыцці – гэта “Буквар”. Кніга, якая ў 1976 годзе ўзнагароджана дыпломам Францыска Скарыны як лепшы твор. За сваю працу Анатоль Клышка быў узнагароджаны сярэбраным і залатым медалямі. На конкурсе “Дапаможнік года” у 1999 годзе Буквар атрымаў першую прэмію.

Перш чым напісаць “Буквар”, Анатоль Канстанцінавіч перагледзеў каля 200 Буквароў розных народаў, пазнаёміўся з 500 метадамі навучання грамаце. Каб праверыць сваю методыку, удасканаліць “Буквар”, Анатоль Клышка з часопіса “Полымя” часова перайшоў у навукова-даследчы інстытут педагогікі, дзе меў магчымасць працаваць з дзецьмі ў школах і дзіцячых садках.

Чым вылучаецца “Буквар” Клышкі сярод іншых Буквароў? Перш за ўсё тым, што ён нацыянальны. А яшчэ Буквар – гэта першае свядомае далучэнне дзіцяці да роднай мовы.

“Мне хацелася б, каб мова Буквара была жывая, як сырадой – не прачышчаная ці адфільтраваная, а менавіта сакаўная, жывая беларуская мова”, - сказаў Анатоль Канстанцінавіч.

- Перагарніце яго старонкі, - гаворыць пісьменнік. – Вы знойдзеце ў маім “Буквары” тэксты пра Францыска Скарыну, Янку Купалу і Якуба Коласа, пра Нарач і Белавежскую пушчу, пра нашых звяроў і птушак.

Анатоль Клышка хацеў, каб “Буквар” быў напоўнены жывою народнай мовай, каб у ім было месца гумару, жарту, казцы, загадцы, прыказцы, рэбусу, каб была гульня са словам.

 “Будзем жа цярпялівымі, дапамагаючы дзецям за адзін год адолець той шлях, які чалавецтва прайшло за тысячагоддзі,” – зазначыў Анатоль Канстанцінавіч.

Анатоля Клышку добра памятаюць землякі і ён не забывае пра іх.

Коршун Лідзія Сцяпанаўна ўспамінае: “Анатоль Клышка быў добрым хлопцам, нават мухі ніколі не пакрыўдзіў. Некалі часу для гуляў не было, бо трэба было памагаць бацькам. У мяне на памяць засталося люстэрка, падараванае Толем”.

Крамянеўская Ніна Ігнацьеўна, суседка Анатоля Клышкі, успамінае: “Калі былі дзецьмі, хадзілі разам у школу ў вёску Заполле Гродзенскай вобласці. Анатоль быў выльмі добрым, працавітым, прыкладным хлопчыкам. Вучыўся ён выдатна. Ужо ў школе пісаў вершы і віншаванні”.

Станюк Ядвіга Аляксандраўна, жонка дваюраднага брата Анатоля Клышкі, захоўвае “Буквар”, падараваны аўтарам брату.

Залючэнне. Жыццёвы і творчы шлях А.К.Клышкі цесна звязаны з народнай адукацыяй і нацыянальнай культурай беларускага народа. Анатоль Клышка даследуе развіццё беларускай паэзіі (творчасць М.Багдановіча, В.Таўлая, П.Панчанкі, М.Танка, А.Вялюгіна, Р.Барадуліна), праблемы вершаскладання.

Аўтар буквара, іншых падручнікаў і дапаможнікаў, дзіцячых кніг. Кнігі пераведзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы. Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю. Талент пісьменніка праявіўся ў вобласці мастацкага перакладу з польскай, украінскай, грузінскай, туркменскай, грэчаскай мовы.

Варта разгледзець магчымасць перайменавання вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Данейкі на вуліцу Анатоля Клышкі.

Шмат кніг стварыў Анатоль Клышка. Але ўсё ж, мусіць, яго галоўным творам застанецца “Буквар”, які звязаны з яго папярэднікам жывой ніткай, якая тчэцца з глыбінь сівой даўніны, звязваючы яе з днём сённяшнім.

Хочацца нагадаць словы – зваротак Анатоля Клышкі да падрастаючага пакалення:

Любіце і шануйце родную мову, сябруйце з кнігай!

Чытайце, падрастайце, вучыцеся на карысць Беларусі!”

Анатоль Канстанцінавіч Клышка два дні не дажыў да свайго дня  нараджэння. Яго сэрдца перастала біцца 14 красавіка 2021 года.

Анатоль Канстанцінавіч пакінуў пасля сябе на нашей зямлі адметны след - кнігу, якая вучыць бясконца любіць Радзіму.

Разделы сайта