Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Сапун Георгій

Наш гонар - пратыерэй Георгій Сапун

Нарадзіўся Георгій Сапун 29 лютага 1924 года ў вёсцы Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці ў сям'і святара Савы Сапуна і Домны Антонаўны.

Як і многіх жыхароў Беларусі, так і маладога хлопца, усе планы парушыліся ў адно імгненне: 22 чэрвеня 1941 года на тэрыторыю Беларусі без абвяшчэння вайны напалі нямецка-фашысцкія акупанты. У хуткім часе Навагрудак таксама быў акупіраваны немцамі. Юнак, Георгій Сапун, на сабе адчуў усе жахі вайны.

У гэты перыяд у Навагрудскую епархію быў накіраваны Афанасій Мартас, архіепіскап Буэнас-Айерскі і Аргенцінскі, які ў свой час закончыў Варшаўскі ўніверсітэт. Архіепіскап адкрыў двухгадовыя пастарскія (Багаслоўскія) курсы, куды і паступіў васямнаццацігадовы юнак. Георгій Сапун стаў іпадыяканам, але гэта не мяшала яму дапамагаць партызанам дабываць зброю.

У 1944 годзе яго, дваццацігадовага хлопца, прызываюць у рады Чырвонай арміі. Правесці сына прыязджае бацька, Сава Сапун. Бацька ніколі не здымаў свайго святарскага адзення. На першы погляд - дробязь, але пасля гэтага ўчынку жыццё юнака пайшло наперакос...

Без афіцыйнага абвінення Георгія, як сына святара, рэпрэсіравалі. Так ён апынуўся далёка на поўначы, у Сібіры, у Іркуцкай вобласці.

У 1947 годзе Георгій здзейсніў рызыкоўны ўчынак - збег з ссылкі, прычым зрабіў гэта гераічна - у адзіночку прайшоў каля сарака кіламетраў, а потым тры тыдні дабіраўся на захад на дахах пасажырскіх і таварных цягнікоў.

У 1947 годзе Георгій паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Скончыў вучобу ў 1951 годзе.

Пасля заканчэння семінарыі, айцец Георгій атрымаў прыход у Дзявяткавічах пад Слонімам.

 З 1954 года па 2015 г. пратыерэй Георгій Сапун прысвяціў сваю шматгадовую і самаадданую святарскую службу вёсцы Пачапава Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Цяжкі лёс напаткаў Свята-Пакроўскую царкву ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яна была спалена ў 1943 годзе. Доўгія гады сваімі руінамі храм напамінаў аднавяскоўцам аб тых жудасных днях ваеннага ліхалецця.

Пратыерэй Георгій Сапун больш паўстагоддзя прысвяціў прыходу ў невялікай капліцы Святога Мікалая. Нават у самыя цяжкія атэістычныя гады бацюшка верыў і маліўся з надзеяй, што яго словы пачуюцца і храм будзе адноўлены. Не давала думка спакою сабраць гэтыя святыя камяні, так як ад храма засталіся толькі адны руіны.

31 мая 2005 года над купаламі Свята-Пакроўскай царквы зазіхацелі пазалотаю сем крыжоў, якія асвяціў архіепіскап Мінскі і Лунінецкі Стэфан.

Так намаганнямі мясцовага бацюшкі была адноўлена мясцовая святыня, а затым трохкутная Свята-Троіцкая царква ў в.Вялікая Сваротва.

За сваю пастырскую дзейнасць пратыерэй Георгій Сапун быў узнагароджаны: “Грамотой во внимание к трудам, на ниве церковной, в память 2000-летия Рождества Христова”, ордэнам рускай праваслаўнай царквы прападобнага Сяргея раданежскага 3 ступені (19.04.1998г.), ордэнам рускай праваслаўнай царквы ў імя святога Раўнаапостальнага вялікага князя Данііла Маскоўскага 3 ступені (11.04.2001г.), ордэнам рускай праваслаўнай царквы святой Еўфрасініі Полацкай.

Раздзелы сайта